СТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі (стругання) разцамі плоскіх і фасонных лінейчастых паверхняў.
Адрозніваюць падоўжна-стругальныя [гал. рух робіць выраб (загатоўка), прывод стала звычайны ад рэверсіўнага рухавіка] і папярочна-стругальныя (гал. рух робіць разец разам з супартам і паўзуном, прывод мех. ці гідраўл.). На базе падоўжна-стругальных вырабляюцца камбінаваныя станкі, у якіх струганне спалучаецца з фрэзераваннем і шліфаваннем.
На Беларусі папярочна-стругальныя станкі выпускаў Гомельскі станкабуд. з-д імя Кірава, падоўжна-стругальныя вырабляе Мінскі станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі.
2) У дрэваапрацоўцы — дрэварэзальны станок для фарміравання гладкай плоскай паверхні дэталі (цыклявальны станок) ці для атрымання паўфабрыкату, напр., стругальнай шпоны (шпона-стругальны, стружкавы станок і інш.).
т. 15, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)